У 2019 годзе нематэрыяльнаму праяўленню творчасці чалавека "Спеўная традыцыя выканання купальскіх і жніўных песень ”у перахлёст“ у в. Багатырская Полацкага раёна Віцебскай вобласці" нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Полацкая зямля здаўна мае сваю глыбокую і самабытную культуру. Рэгіянальнай асаблівасцю вызначаюцца мясцовая вусна-паэтычная творчасць і традыцыйная абраднасць. Менавiта на Полаччыне захавалася спеўная традыцыя выканання купальскіх і жніўных песень “у перахлёст”, традыцыя якая ў іншых рэгіёнах мае абмежаваны арэал распаўсюджвання або зусім невядома.
Па выніках працы навукоўцаў, манера выканання спеваў “у перахлёст”– гэта самабытная версія антыфонных спеваў. “Антыфон” – азначае голас, гук, які гучыць у адказ. Як выканаўчы стыль ён узнік у далёкай старажытнасці. Антыфонныя спевы пачалі фіксавацца навукоўцамі-этнамузыколагамі Беларусі, Расіі, Літвы, Польшчы ў другой палове ХХ стагоддзя. Навуковая апрацоўка антыфонных спеваў выявіла супадзенне іх арэала з арэалам рассялення полацка-смаленскіх крывічоў, што дае падставу для меркавання аб глыбокай старажытнасці гэтай народна-песеннай традыцыі.
У народнай культуры Беларусі такі спосаб выканання замацаваўся толькі ў паўночным гісторыка-этнаграфічным рэгіёне Беларусі – Паазер’і (Беларускае Паазер'е, Паўночная Беларусь — прыродна-гаспадарчы раён у басейнах Заходняй Дзвіны, верхняга Дняпра і прытока Нёмана — Віліі, які ахоплівае ўсю Віцебскую вобласць, паўночныя раёны Гродзенскай, паўночна-заходнія раёны Мінскай абласцей), дзе ён таксама атрымаў назвы “на дзве (тры) пары”, “на дзве (тры) змены”, “на два (тры) пункты”, “з перахватам”, “песні з адпевам”, “спяваць у расцяжку” і інш.
Для пяці другіх рэгіёнаў Беларусі такое выкананне не характэрна.
Спевы “у перахлёст” на Полаччыне, з’яўляючыся адным з варыянтаў паўночна-беларускай версіі народных антыфонных спеваў, вылучаюцца адметнымі асаблівасцямі:
- гэта песні, дакладна прымеркаваныя да жніўных і купальскіх святаў “Зажынкі”, “Дажынкі”, “Купалле”;
- гэта аднагалосныя групавыя спевы, якія звычайна выконваюцца ва ўнiсон;
- адну і тую ж музычную фразу па чарзе выконваюць некалькі груп спявачак (2-3 групы спявачак);
- спяваюць так званым канонам, паўтараюць мелодыю вядучага голасу, уступаючы раней, чым гэта мелодыя скончыцца ў папярэдняга: спачатку першы гурт жанчын гучна і зычна запявае першую страфу песні, напрыканцы якой другі гурт жанчын паўтарае гэту страфу з пачатку; потым зноў першы гурт напрыканцы другога пачынае запяваць другую страфу песні, а другі падхватвае і так да канца;
- спяваюць адкрытым гукам, практычна праз сціснутыя зубы, а заканчэнні акругляюцца;
- на адзiн напеў можа выконвацца некалькі тэкстаў, якія перадаюць і радасць, і сум, і гора, і спадзяванне.
Такія мастацкія якасці робяць гэтую мікралакальную традыцыю арыгінальнай і непаўторнай.
З успамінаў старэйшых мясцовых носьбітаў, такая манера спеваў на Полаччыне існавала здаўна і вядома недзе з пачатку XX стагоддзя. У перахлёст выконваюцца асобныя жніўныя і купальскія песні. Характар песень спакойны, роўны. Напевы нетаропкія і свабодныя. Песні разгортваюцца павольна, дасягаючы сапраўднай свабоды i шырынi. Выканаўцы быццам зачаравана слухаюць сябе і тыя адгалоскі, якія ўзнікаюць пры спевах.
Галоўнымі захавальнікамі гэтай асаблівай манеры спеваў на Полаччыне была сям’я былога кіраўніка народнага фальклорнага калектыву “Галасы спадчыны” Багатырскага сельскага Дома культуры Веры Уладзіміраўны Пісюковай: дзядуля Корнеў Ягор Фокавіч, селянін, добры музыка, іграў на скрыпцы і спяваў; бабуля – Корнева Марыя Емельянаўна, сялянка, валодала моцным прыгожым голасам, разам з мужам спявала на ўсіх вясковых святах і вяселлях.
Менавіта яны навучыла спяваць сваю дачку Яўгенію Ягораўну Драздову (1912 года нараджэння, месца нараджэння в. Скавародзіна, Юравічскага сельскага савета Полацкага раёна) – сапраўдную захавальніцу мясцовых абрадавых і спеўных традыцый, завадатарку усіх каляндарных і сямейных свят, якая ў юным узросце была прынята ў нянькі да дзяцей знакамітага беларускага мастака Івана Хруцкага, маёнтак якога знаходзіўся недалёк у вёсцы Захарнічы. Менавіта за прыгожы мілагучны голас Іван Хруцкі і ўзяў юную Яўгенію ў нянькі, каб яна вучыла песням яго дзяцей. Яўгенія Ягораўна валодала асобнай манерай спеваў “у перахлёст”, была запявалай і вяла падгалосак, знала безліч песен, спявала да апошняй хвіліны свайго жыцця. Яўгенія Ягораўна, як і яе маці, абудзіла песенную душу у сваёй дачкі Веры Уладзіміраўны Пісюковай, якая больш 40 гадоў была кіраўніком народнага фальклорнага калектыва “Галасы спадчыны” Багатырскага сельскага Дома культуры (год стварэння калектыву – 1971), валодала моцным, чыстым, гучным голасам і навучыла спяваць у манеры “ў перахлёст” удзельніц свайго калектыву.
Сышлі з жыцця маці з дачкой, але ганаровую справу па зберажэнні манеры спеваў ”у перахлёст“ працягвае народны фальклорны ансамбль ”Галасы спадчыны“. На працягу 48 гадоў калектыў беражліва захоўвае асобную манеру спеваў, як залаты фонд рэгіянальнай традыцыйнай культуры Полацкай зямлі, перанятую ад носьбітаў:
- Драздовай Яўгеніі Ягораўны, гады жыцця 1912 – 2005, в. Скавародзіна,
- Пісюковай Веры Уладзіміраўны, 1936 – 2015, пол жаночы, в. Багатырская, былы кіраўнік народнага фальклорнага ансамбля ”Галасы спадчыны“ Багатырскага сельскага Дома культуры;
- Ракіцкая Марыя Міхайлаўна, 1941 - 2020, в. Багатырская;
- Улаховіч Марыя Акімаўна, 1938 г.н., в. Багатырская.
У сучасны перыяд элемент “жывы” і абавязкова практыкуецца ў натуральных умовах, падчас правядзення раённых святаў “Засеўкі”, “Зажынкі”, “Дажынкі”, “Купалле на Полаччыне”. Абрадавыя дзеі гэтых святаў абавязкова пачынаюцца спевамі ў перахлёст, прымеркаванымі да пэўных рытуальных дзей.
Менавіта прынцыпы распеву вясковых працяжных песень, беражліва захоўваемых на працягу многіх стагоддзяў, надаюць непаўторны самабытны каларыт песеннай культуры Полацкага рэгіёну. А ярка выяўленая этнаграфічнасць прыцягвае ўвагу даследчыкаў у галіне культуры, фалькларыстаў, этнографаў. На практычныя заняткі па вывучэнню песень штогод прыязджаюць выкладчыкі і студэнты ўстаноў адукацыі і культуры, музыканты і спевакі. Сярод іх выкладчыкі і студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, Мінскага, Віцебскага і Гомельскага педагагічных універсітэтаў.
Дзякуючы нястомнай дзейнасці “Галасоў спадчыны”, манера спеваў “у перахлёст” атрымала другое жыццё сярод моладзевых фальклорных калектываў г. Полацка і Полацкага раёна.
Акрамя народнага фальклорнага ансамбля “Галасы спадчыны” пераемнікамі традыцыі з'яўляюцца:- дзіцячы фальклорны калектыў “Каласочкі” Багатырскага сельскага Дома культуры;
- узорны фальклорны калектыў “Лецейка” Багатырскага сельскага Дома культуры (кір. Г. Мялешка);
- народны вакальны ансамбль ”Вясна“ (кіраўнік Т. Шыбуняева) і навучэнцы Полацкага каледжа УА ”Віцебскі дзяржаўны універсітэт ім. П. М. Машэрава“,
- узорны фальклорны калектыў ”Знічка“ і вучні дзяржаўнай установы адукацыі ”Палатоўская дзіцячы сад-сярэдняя школа Полацкага раёна“;
- фальклорны гурт ”Варган“ (кір. В. Емяльянчык) і студэнты УА ”Полацкі дзяржаўны універсітэт“.
Удзельнікі і кіраўнікі гэтых калектываў зацікаўлены вывучэннем і аднаўленнем беларускай традыцыйнай творчасці, разам арганізуюць майстар-класы, вечары фальклору і этнаграфічныя сустрэчы, сумесныя канферэнцыі, падчас якіх абавязкова гучаць беражліва захоўваемыя калектывам старадаўнія купальскія і жніўныя песні ў манеры “ў перахлёст”, як жывы помнік гісторыі і культуры Полацкай зямлі, песні, якія не страцілі сваёй змястоўнай актуальнасці і асэнсоўваюцца мясцовай супольнасцю як неабходныя. Такім чынам не перарываецца сувязь часоў.
Комментариев нет:
Отправить комментарий